Дзівін славіцца таленавітымі людзьмі. Нехта прыгожа спявае, нехта стварае арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, іншы – майстар на ўсе рукі… Ці ведаеце вы імёны сваіх славутых землякоў? Сёння мы раскажам вам пра знакамітых людзей нашага аграгарадка.
Сцяпан Іванавіч Драмук – адзін з першых выпускнікоў нашай школы, з’яўляецца мастаком-пейзажыстам. У 1952 годзе паступіў у горны тэхнікум у Данецкай вобласці. Пасля заканчэння працаваў начальнікам участка ў шахтах Данбаса. У 1966 годзе вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Гомелі на заводзе “Гомсельмаш”. Першыя яго карціны былі прадстаўлены на абласным узроўні. З 1966 года Сцяпан Драмук становіцца дыпламантам рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў. У нашай школе таксама ёсць карціны Сцяпана Іванавіча з краявідамі роднай прыроды, плануецца размясціць яго карціны на другім паверсе школы.
Віталій Уладзіміравіч Курашык у 1955 годзе закончыў нашу школу, а ў 1960-м годзе Чысцякоўскі горны тэхнікум у Данецкай вобласці. Працаваў галоўным тэхнолагам завода высокавольтнай апаратуры ў горадзе Канстанцінаўка. Завочна закончыў політэхнічны інстытут. З 1993 па 2001 гады Надзвычайны і Палнамочны пасол Рэспублікі Беларусь на Украіне. Ён з’яўляецца акадэмікам Беларускай інжынернай акадэміі, доктарам Міжнароднай кадравай акадэміі, узнагароджаны Залатым медалём гэтай акадэміі. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, двума ордэнамі Украіны. У цяперашні час жыве ў Кіеве.
Тамара Іванаўна Лазоўская – вядомая актрыса, оперная спявачка. У 1979 годзе стала дыпламатам рэспубліканскага конкурса вакалістаў музыкальных вучылішч. У 1980 годзе начала працаваць у Мінскім тэатры оперы і балета. Атрымала галоўныя ролі ў спектаклях “Воўк і сямёра казлянят”, “Пікавая дама”, “Казкі Гофмана”. З гастролямі пабывала ў многіх гарадах і за межамі нашай краіны.
Заслужаны работнік культуры – Сяргей Фёдаравіч Любчук. Закончыў Беларускую кансерваторыю. Працуе кіраўніком народных інструментаў народнага ансамбля песні і танца “Брестчанка”. Аўтар музыкі да спектакляў Брэсцкага абласнога тэатра лялек, перакладаў для аркестра народных інструментаў.
А вось Мікалай Аляксандравіч Свідуновіч далекі ад творчай дзейнасці, ён займаецца навукай. У 1962 годзе Мікалай Аляксандравіч закончыў Беларускі політэхнічны інстытут. У 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працуе ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце: асістэнт, дацэнт, намеснік дэкана. Яго навуковыя інтарэсы: узаемадзеянне кампанентаў у розных сплавах. У 1996 годзе быў выбраны членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Мікалай Аляксандравіч чытаў лекцыі ў вядучых універсітэтах свету: у ЗША, Францыі, Велікабрытаніі. Член Савета фонда фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, старшыня секцыі “Атрыманне і выкарыстанне плазмы” Савета Акадэміі навук Беларусі, прэзідэнт Расійска-Беларускай навукова-тэхнічнай асацыяцыі “Сумесныя праекты”, віцэ-прэзідэнт асацыяцыі “Чарнобыль і экалогія”.
Мікалай Уладзіміравіч Смяховіч – кандыдат гістарычных навук, дацэнт. У 1980 годзе абраны адказным сакратаром грамадства аматараў кніг. Працуе ў Мінскім інстытуце парламентарызма і прадпрымальніцтва. У 1992 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Работа дзяржаўных, палітычных і грамадскіх арганізацый па выхаванні дзяцей, якія засталіся без бацькоў (1943-1950гг.)”. Ён – аўтар больш за 200 навуковых прац.
Аляксандр Уладзіміравіч Сінкавец закончыў школу не так даўно, у 1990 годзе. Пасля школы была Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. У 1999 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата біялагічных навук. Дацэнт кафедры нармальнай і паталагічнай фізіялогіі. Ім апублікавана 22 навуковыя працы. Па тэме навуковых даследаванняў у 1997 годзе ён атрымаў патэнт на вынаходніцтва. Тэма яго даследванняў – сельская гаспадарка і ветэрэнарыя.
Юлія Віктараўна Піваварава – майстар саломапляцення. Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурса маладых талентаў. Са сваімі вырабамі з саломкі пабывала ў Венесуэле ў складзе беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнка. У 2003 годзе Юлія Віктараўна прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Наогул, Юлія Віктараўна – надзвычай творчы чалавек. Яна піша вершы, на словы вершаў напісаны песні, займаецца фотаздымкамі, добра ведае расліннае і жывельнае асяроддзе Кобрынскага раёна. Зараз яна працуе ў Кобрынскім дзіцячым доме творчасці і вядзе гурток у нашай школе.
Дзеці, я думаю вы заўважалі ў Дзівіне не зусім звычайную, заўсёды з густам апранутую пажылую жанчыну. Вера Антонаўна Усенка – вядомая сваімі карцінамі, шчырымі і натуральнымі. Калі ёй было 5 гадоў, цяжкая хвароба прыкавала яе да ложка, у першы клас дзяўчынка пайшла на кастылях. Вера вырасла, вывучылася на швачку і цырульніка, і хоць Вера Антонаўна не вучылася на мастака, работы яе вельмі кранаюць сэрца. Першая персанальная выстава яе прац прайшла ў Кобрыне ў 1984 годзе. З 1992 года работы выстаўляліся ў Брэсце. У 1997 годзе Вера Антонаўна стала лаўрэатам рэспубліканскай выставы творчасці інвалідаў. Зараз жыве ў Дзівіне.
Мікалай Васільевіч Знахарчук пасля заканчэння сярэдняй школы стаў курсантам Севастопальскага ваенна-марскога вучылішча. Закончыў вучылішча, працаваў на Паўночным флоце ў 1й флатыліі атамных падводных лодак. Геройскі загінуў у ноч з 24 на 25 верасня 1976 года ў час пажара ў электратэхнічным адсеку падводнай лодкі. Цаной свайго жыцця ён і два яго калегі ўтрымалі лодку на плаву, усе члены экіпажа засталіся жывымі, загінулі толькі тры маладыя маракі. Піянерская дружына нашай школы носіць яго імя.
Сяргей Аляксеевіч Гардун. Нарадзіўся 4 сакавіка 1959 года. У 1997 годзе закончыў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў. Працаваў настаўнікам англійскай мовы ў в.Павіцце. У 1986 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю. З’яўляецца дацэнтам Мінскай духоўнай акадэміі і кафедры багаслоўскіх дысцыплін факультэта тэалогіі Еўрапейскага ўніверсітэта, протаіерэй. Нягледзячы на тое, што жыве ў Мінску, кожнае лета Сяргей Аляксеевіч прыязджае ў родную веску, і абавязкова служыць літургію ў царкве.
Момлік Надзея Іванаўна – паэтка, настаўніца пачатковых класаў. Першыя крокі ў педагогіцы яна зрабіла ў Дзівінскай школе-інтэрнаце, потым многа гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў. Першы зборнік вершаў “Прызнанне” быў выдадзены ў 2015 годзе, нават зараз Надзея Іванаўна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Осаўскай сярэдняй школе.
Як бачыце, славутыя землякі ў нас ёсць, за гадзіну ўрачыстасці нам удалося коратка пазнаёміць вам з імёнамі вядомых і славутых землякоў. Нам важна ведаць мінулае родных мясцін і імёны, якімі ганарымся. Жадаем вам добра вучыцца, развівацца ва ўсіх напрамках, каб праславіць сваю малую Радзіму!
раскрыть » / « свернуть